— Відавочна, што гэта лёс, — сказала журналісту "Звязды" Марыя Багель. — Колькі гадоў у сям'і падпісваліся на газету, але ж неяк не шанцавала на падарункі. А тут вырашылі, што трэба яшчэ раз паслаць картку, на ўдачу. А раптам пашанцуе?!
І ўдача на гэты раз не адвярнулася ад навапалачан. Нават адразу не паверылі, прызнаўся гаспадар, але ж калі прыйшло афіцыйнае паведамленне, што "вы выйгралі", зразумелі — гэта праўда.
Вырашаць лёс каляровага тэлевізара "Віцязь" доўга не давялося. На жнівень гэтага года, сказалі ў адзін голас шчасліўчыкі, плануецца важная падзея ў жыцці дачкі Таццяны, якая жыве ў Мінску. І падарунак не трэба шукаць, пажартавалі яны.
Павіншаваць з удачай сваіх землякоў выйшла і начальнік Наваполацкага вузла паштовай сувязі Алена Клімовіч і начальнік гарадскога АПС № 6 Людміла Курневіч. У дадатак рэдакцыя газеты прэзентавала паштамту, дзе адбылося ўрачыстае ўручэнне тэлевізара, фірменны гадзіннік, каб ён заўсёды дакладна паказваў добры час.
"Звязда" ж далучаецца да самых лепшых пажаданняў бацькоў і спадзяецца, што колькасць падпісчыкаў у беларускай сталіцы пасля вяселля вырасце як мінімум на аднаго чалавека.
Такі ж цудоўны прыз атрымала з рук звяздоўцаў і жыхарка вёскі Жажэлка Смалявіцкага раёна, што на Міншчыне,Таццяна Баркоўская, адкуль і пачынаўся наш апошні ў гэтым квартале выезд "у людзі". Таццяна Міхайлаўна бы па сакрэце паведаміла, што ўжо даволі доўгі час яна жыла без тэлевізара. І ўжо збіралася купляць "блакітны экран". Але ж у яе планы "ўмяшаліся" вынікі звяздоўскай латарэі. У тым, што прыз будзе дастаўлены па месцы пражывання падпісчыцы, яна ведала. Тым не менш у душы думала: калі ж гэта адбудзецца?
Раздзяліць радасць сваёй зямлячкі ўзяліся начальнік мясцовага раённага вузла паштовай сувязі Алена Свянціцкая і начальнік аддзела ідэалагічнай работы Смалявіцкага райвыканкама Павел Графутко.
Такой жа прадстаўнічай "у падтрымку" атрымалася кампанія на Барысаўскім паштовым вузле сувязі № 8. Нашу падпісчыцу "са стажам" Аляксандру Іванаўну Няхайчык, якая выйграла DVD-прайгравальнік, прыйшлі павіншаваць кіраўнік ідэалагічнага аддзела Барысаўскага райвыканкама Людміла Гарнак і намеснік начальніка Барысаўскага РВПС Людміла Кавалёнак. А прыз на правах гаспадыні ўручыла начальнік мясцовага аддзялення Людміла Сыцік.
Апошні візіт умясціў у сябе яшчэ шмат сустрэч на Міншчыне і Віцебшчыне. Мы з задавальненнем павіншавалі нашых прызёраў з Глыбоччыны — Святлану Пашковіч з вёскі Кішы, якая выйграла электрачайнік, і карэнную жыхарку горада Лілію Субач — ёй дастаўся DVD-прайгравальнік.
Усюды ж па вялікім маршруце мы пранеслі добры настрой і аптымізм у тое, што трэба верыць у лепшае і ўмець знаходзіць выйсце з любых сітуацый. А памочнікам у гэтай справе якраз і можа стаць найстарэйшае беларускамоўнае выданне пад назвай "Звязда".