Рэдакцыя газеты "Звязда" працягвае радаваць сваіх падпісчыкаў каштоўнымі прызамі і цікавымі сустрэчамі па ўсёй краіне. Чарговы выязны маршрут ляжаў адразу праз тры вобласці — Мінскую, Гомельскую і Магілёўскую.
Першым знакавым пунктам паездкі, пасля наведвання Слуцка і Салігорска, дзе адбыліся сустрэчы па падпісцы на пошце і райвыканкамах, значыўся старажытны горад Тураў. Як вядома, ён знакаміты сваімі незвычайнымі мясцінамі не толькі ў плане гістарычнай спадчыны, але і здольнасцямі мясцовых людзей вырошчваць цудоўныя агуркі. Менавіта з кагорты такіх людзей аказалася наша падпісчыца са стажам Надзея Лісоўская, якая прыйшла на мясцовую пошту для атрымання каляровага тэлевізара "Віцязь" з пакетам агуркоў на дэгустацыю, які ёй дапамагла несці ўнучка Каця. Абедзенны час не стаў перашкодай, каб павіншаваць сваю зямлячку з прызам, для старшыні Тураўскага гарвыканкама Ігара Міцюрыча і кіраўніка мясцовага вузла сувязі Галіны Комар. "Фотасесія" прайшла ў кампаніі з галоўным спецыялістам аддзела ідэалогіі Жыткавіцкага райвыканкама Людмілы Арлянковіч і намеснікам начальніка РВПС Галінай Калупаевай.
Цікавай атрымалася сустрэча і на Мазырскім вузле паштовай сувязі, дзе свой DVD-прайгравальнік зачакалася жыхарка вёскі Мялешкавічы Ганна Грамовіч. Начальнік РВПС Галіна Рубан не без гонару сказала, што звядоўская лаўрэатка раней працавала на пошце. Ганна Іванаўна, нягледзячы на вельмі паважаны ўзрост, выглядае заўсёды бадзёра і поўная аптымізму. Зрэшты, яна, можна сказаць, чалавек унікальны, з вельмі цікавымі жыццёвымі сітуацыямі. Напярэдадні сёлетняга дня Перамогі яе шлях з вёскі Мялешкавічы ляжаў у Маскву на тэлепраграму "Поле цудаў". І няхай лёс распарадзіўся так, што "ход не дайшоў" да Ганны Іванаўны на гэтай шоу-праграме, усё ж прыемна было пабыць у белакаменнай, адчуць пад нагамі крамлёўскую брукоўку Праўда, з пустымі рукамі назад ехаць не давялося: вядучы "Поля цудаў" уручыў ёй у якасці падарунка пыласос. А тут яшчэ звяздоўскі прыз. Вось і скажы паспрабуй, што табе фартуна не ўсміхаецца.
Менавіта такога пункту гледжання прытрымліваецца і звяздоўская падпісчыца з вёскі Слабада Бабруйскага раёна Раіса Новікава. Летась у звяздоўскай латарэі лёс яе адарыў халадзільнікам "Атлант". Сёлета таксама вырашыла паслаць картку ў рэдакцыю. І загадала, каб выйграць тэлевізар. І як тут не паверыць у цуд — Раісе Мікалаеўне ў якасці падарунка выпаў менавіта каляровы тэлевізар. Яна называе сябе шчаслівым чалавекам. Дзве дачкі, два ўнукі, муж Віктар Харытонавіч заўсёды побач. А тут яшчэ цэлы падарункавы набор ад "Звязды". Што яшчэ чалавеку патрэбна, каб называць сябе шчаслівым?!