Жыхарка Хоцімска Любоў Аляксандраўна Коржыч атрымала пыласос, які выйграла ў традыцыйным розыгрышы для падпісчыкаў "Звязды".
Любоў Аляксандраўна прыехала разам з мужам у Хоцімск амаль 35 гадоў таму і ўжо лічыць гарадскі пасёлак сваім родным. Жанчына працавала ў раённым аддзеле сацыяльнай абароны інспектарам па выплаце пенсій, а цяпер сама пенсіянерка. Увесь свой вольны час яна сёння прысвячае сям'і і гаспадарцы. На падворку Коржычы трымаюць двух парсючкоў, трусоў і курэй.
— Мы нармальна жывём, — расказала Любоў Аляксандраўна. — І самы мой вялікі клопат — гэта ўнукі. Малодшы вучыцца ў 3 класе, а старэйшы — у 8-м.
— Я рады, што бабуля выйграла каштоўны прыз, — падзяліўся старэйшы ўнук Аляксей, які прыйшоў разам з ёй на пошту. — Я і сам чытаю газету "Звязда": усё мне цікава.
Любоў Аляксандраўна выпісвае "Звязду" 20 гадоў.
— Так, з 1990 года штоквартальна без перапынкаў, — пацвердзіла жанчына. — Мне падабаюцца ў газеце публікацыі пра здароўе, бо я ў іх знаходжу адказы на самыя актуальныя пытанні. Яшчэ я з'яўляюся шчырай прыхільніцай павучальных артыкулаў Янкі Крука. Абавязкова чытаю пра ўсе няшчасныя, а таксама і шчаслівыя выпадкі, якія здараюцца па ўсёй краіне.
Любоў Аляксандраўна дадала, што ёй падабаецца беларуская мова: "У нас тут на беларуска-расійскім памежжы — моўная мяшанка, аднак беларускую мову я добра разумею, таму што я — беларуска".
Яна прызналася, што вельмі рада падарунку. Пыласос, якім карысталіся ў хаце, вельмі стары, і яго месца цяпер зойме новы агрэгат. Аказваецца, за столькі гадоў Любоў Аляксандраўна толькі некалькі разоў сабралася пераслаць картку падпісчыка на розыгрыш прызоў, і апошнім разам за гэтай справай прасачыў унук Аляксей. Вось неўзабаве і выйгралі бабуля з унукам пыласос!
— Ведаеце, я вашу газету буду выпісваць столькі, колькі буду жыць! — урачыста паабяцала Людміла Аляксандраўна Коржыч на пошце.
— "Звязда" мае ў нашым раёне адданых падпісчыкаў, — пракаментавала начальнік Хоцімскага РВПС Надзея Прахарэнка. — У нас заўсёды тыраж гэтай газеты аднаўляецца. Людзі, якія выпісваюць газету, сапраўды адданыя "Звяздзе", беларускай мове і Беларусі.
— Мы зычым калектыву "Звязды" творчых поспехаў, здароўя і дабрабыту, — сказалі хоцімскія жанчыны. — Вялікі дзякуй за падарунак і ўвогуле, што даехалі да нас, бо Хоцімск сапраўды далёка ад сталіцы і вялікіх гарадоў. Мы тут цяпер чакаем сапраўднай вясны і хочам, каб нарэшце ўсё навокал зазелянела і заквітнела. І, вядома, заўсёды чакаем да сябе ў госці добрых людзей!