Вянцом раздачы падарункаў стаў Віцебск, дзе ў мясцовым райвыканкаме нас чакала падпісчыца з вёскі Ноўка Таццяна Печкурова. Па дарозе з Наваполацка, адкуль з-за дэфіцыту дарожных знакаў вельмі складана выехаць на аўтамабілі на віцебскую трасу, наш уласны карэспандэнт Аляксандр Пукшанскі далажыў абстаноўку: Таццяна Міхайлаўна Печкурова, паводле апошніх паведамленняў, прыбудзе за прызам на кані з возам. Гэтая навіна нас яшчэ больш падштурхнула не спазніцца на сустрэчу ў прызначаны час. Хоць не заехаць па дарозе ў Шуміліна мы таксама не маглі.
На развітанне з Віцебскам ўладальніца каляровага тэлевізара "Віцязь" выказала ўпэўненасць, што папулярнасць газеты "Звязда" ў раёне будзе толькі расці. У гэта вельмі хочацца верыць, як і ў тое, што ў газетных кіёсках абласнога цэнтра ўсе газеты "Звязда" будуць прадавацца ў першую чаргу. І для гэтага першы крок з нашага боку ўжо зроблены — кіяскёру Надзеі Віктараўне Пчолкінай, якая не змагла прыбыць на сустрэчу, мы перадалі блендар, які яна выйграла па выніках сумеснага конкурсу "Лепшаму кіяскёру — звяздоўскі прыз".