Урачыстасцi з нагоды распачалiся ў круглай зале сталiчнага паштамта прэзентацыяй i спецыяльным гашэннем паштовага блока, якi, па меркаваннi дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Уладзiмiра Пракапцова, будзе добрым падарункам беларускiм i замежным фiлатэлiстам, паспрыяе прапагандзе нашай багатай культурнай спадчыны. Гэта не выклiкае нiякiх сумненняў, бо паштовыя маркi, канверты, прысвечаныя юбiлейнай даце з дня нараджэння слыннага мастака, безумоўна ж, разыдуцца па ўсiм свеце. Да таго ж для афармлення паштовага блока мастакi Аксана Сузько i Iван Лукiн абралi цi не самыя агульнавядомыя, а таму — лёгка пазнавальныя творы Iвана Хруцкага: "Партрэт невядомай", "Аўтапартрэт", "Бiтая дзiчына, гароднiна i грыбы"
Трэба адзначыць, што гэта — далёка не першы сумесны праект Мiнiстэрства сувязi i iнфарматызацыi i Нацыянальнага мастацкага музея краiны. Раней у абарачэнне былi выпушчаны паштовыя блокi, прысвечаныя iконе ХVI стагоддзя "Багародзiца Адзiгiтрыя Смаленская", слынным землякам Напалеону Орду, Язэпу Драздовiчу, Мiхасю Савiцкаму
Што датычыцца Iвана Хруцкага, то, па словах спадара Пракапцова, у дзень 200-годдзя з дня яго нараджэння ў музеi адкрыецца экспазiцыя твораў (яго, а таксама яго праўнучкi Ядзвiгi Мацiеўскай), прэзентацыя срэбнай манеты з выявай мастака i знакамiтым "Партрэтам невядомай". На працягу года плануецца правядзенне мiжнароднага пленэру, адкрыццё помнiка-бюста, iмя Iвана Хруцкага будзе прысвоена мастацкай школе ў Полацку, вулiцы ў Мiнску, шэраг iншых мерапрыемстваў на роднай Вiцебшчыне i далёка за межамi. Прынамсi, ёсць дамоўленасць, што работы нашага земляка будуць выстаўлены ў штаб-кватэры ЮНЭСКА i знакамiтым Луўры.
Адрес в Интернет: http://www.www.belpost.by/press-centre/news-release/216.html
© РУП «Белпочта», 2008 — 2020