Газета «Звязда» У абарачэнні — новыя маркі (№228 за 2 декабря 2009 года)
Мiнiстэрства сувязi i iнфарматызацыi Рэспублiкi Беларусь увяло ў абарачэнне паштовы блок "Кошкi". Ён складаецца з трох марак i купона. Сталiчны мастак Алена Мядзведзь намалявала маму-кошку i пяцярых кацянятаў. Паходжанне рускай блакiтнай кошкi акружана легендамi. Калi iм верыць, то ўсе прыстойныя каралеўскiя сем'i Еўропы не ўяўлялi свайго iснавання без такiх мурак. Англiйскiя маракi i галандскiя купцы часта развозiлi блакiтных кошак з Архангельска ва ўсе порты ад Лондана да Мальты. Жывёлы менавiта з паўночных абласцей Расii (раёна Архангельска) заклалi аснову пароды, унёсшы асноўную яе прыкмету — мяккую, шчыльную, "плюшавую" шэрсць блакiтнага колеру. Паводле падання, iх развядзеннем займалася сама Кацярына ІI.