Мiнiстэрства сувязi i iнфарматызацыi Беларусi ўводзiць у абарачэнне паштовую марку "350 гадоў Баркалабаўскай iконе Божай Мацi". Памятнае гашэнне маркi адбудзецца ў Быхаве 24 лiпеня, паведамiла намеснiк дырэктара Магiлёўскага фiлiяла РУП "Белпошта" Галiна Марчанка.Мастак Аляксандр Блiнцоў.
Выпуск гэтай маркi знамянальны для Магiлёўшчыны па некалькiх прычынах. Па-першае, гэта першае ўпамiнанне Быхаўскага раёна на паштовай прадукцыi. Па-другое, Баркалабаўская iкона Божай Мацi — першая цудатворная праваслаўная iкона, паказаная на беларускай паштовай марцы.
Калiсьцi Баркалабаўская лаўра, заснаваная ў 1623 годзе, была знакамiтая на ўсю Еўропу. У яе саборным храме захоўвалася цудатворная iкона Божай Мацi, падораная манастыру ў 1659 годзе князем Пажарскiм, якi вяртаўся з войскамi ў Расiю з Лiтвы. Існуе легенда, што схаваны ў ваенным абозе абраз, калi атрад князя праходзiў каля манастыра, стаў нерухомы, i нiякiя намаганнi не маглi яго зрушыць з месца. Пажарскi зразумеў, што абраз хоча застацца ў манастыры, i перадаў яго iгуменнi.