Урачыстая цырымонія гашэння паштовых марак
31 студзеня 2013 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусціла ў абарачэнне паштовыя маркі «Сіваграк» і «Граздоўнік рамонкалісты» серыі «Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь». Таксама маркі былі скампанаваны ў паштовы блок. Паштовыя маркі, прысвечаныя відам, якія знікаюць, былі падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з праектам ПРААН/ГЭФ «Інтэграцыя пытанняў захавання біяразнастайнасці ў палітыку і практыку тэрытарыяльнага планавання ў Беларусі» пры падтрымцы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.
Урачыстая цырымонія гашэння паштовых марак і блока на канверце «Першы дзень» адбылася 31 студзеня а 15 гадзіне ў Дзяржаўным музеі прыроды і экалогіі Рэспублікі Беларусь і была прымеркавана да Сусветнага дня водна-балотных угоддзяў. У сувязі з гэтым у ходзе мерапрыемства таксама былі прадстаўлены паштоўкі для посткросінга «Дубальт», «Cавук-луток», «Вяртлявая чаротаўка», «Вялiкi арлец», падрыхтаваныя РУП «Белпошта».
Падчас урачыстага мерапрыемства Міністр сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Мікалай Пятровіч Панцялей адзначыў, што выпуск паштовых марак прыцягне ўвагу да відаў, якія знікаюць, і, магчыма, яны стануць не гісторыяй краіны, а часткай яе будучыні.
Ва ўрачыстай цырымоніі гашэння таксама прымалі ўдзел Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рыгоравіч Цалко і Каардынатар праектаў ПРААН у Беларусі Ігар Іванавіч Чульба.