Версия для слабовидящих
Услуги
Тарифы
Справка

Новости компании / 11 ОКТЯБРЯ 2017

Из рубрики «Пресса о нас»: У Весках чакаюць прыходу паштальенаў

Кур'еры, аператары, кіроўцы… Больш за 20 тысяч чалавек працуе сёння на Белпошце. І ў разы больш — карыстаюцца яе паслугамі. У які б час ні зайшоў у аддзяленне сувязі, заўсёды ёсць людзі: адпраўляюць лісты, аплачваюць жыроўкі, атрымліваюць пенсіі і сацыяльныя дапамогі. Якія інавацыі ўкараняе прадпрыемства? Ці могуць жыхары глыбінкі разлічваць на аператыўную дастаўку пісьмаў, прэсы і тавараў? І чаму робаты не здольныя замяніць паштальёнаў? Пра гэта напярэдадні прафесійнага свята «Звязда» пагутарыла з генеральным дырэктарам Белпошты Уладзімірам МАТУСЕВІЧАМ.

- Наколькі паштовыя паслугі сёння даступныя насельніцтву?

— Прадпрыемства ахоплівае ўсю краіну і абслугоўвае людзей у больш чым 20 тысячах населеных пунктаў. У тым ліку і ў маленькіх вёсках, дзе, па зразумелых прычынах, няма ні банка, ні крамы — туды дабіраюцца нашы перасовачныя аддзяленні. Можна сказаць, нясём сацыяльную нагрузку. Усяго ў краіне працуе каля 3,3 тысячы аб'ектаў сувязі. Каб больш якасна і хутка абслугоўваць насельніцтва, мы пераходзім на мотадастаўку: ёй ахоплена больш за 60 працэнтаў населеных пунктаў. Аўтапарк прадпрыемства налічвае паўтары тысячы аўтамабіляў, якія штодзень праязджаюць 150 тысяч кіламетраў.

Ёсць сацыяльны стандарт дастаўкі пошты: у cталіцы і абласных цэнтрах гэта шэсць дзён на тыдзень, у астатніх пунктах — пяць. Такім чынам, нават сельскі жыхар атрымлівае выпісаную газету ў дзень яе выхаду.

- А што наконт даступнасці ў цэнавым плане?

— Калі паглядзець на краіны, напрыклад, Еўразійскага эканамічнага саюза, то цэны супараўнальныя. Разумееце, цяпер рынкавая эканоміка, і калі тарыфы на паслугі будуць дарагія і не задаволяць чалавека, ён проста не звернецца да нас наступным разам. Таму мы фарміруем цэны, зыходзячы з аналізу рынку, сваіх фінансавых магчымасцяў. Мы не адзіны пастаўшчык паштовых паслуг, ёсць прыватныя аператары, таму прадпрыемству трэба заставацца канкурэнтаздольным у гэтых умовах.

- Сёння кліенты вельмі цэняць час. Ці можна ў аддзяленні аплаціць «камуналку», скажам, за дзесяць хвілін?

— Можна нашмат хутчэй. Цяпер імкліва ідзе ўстаноўка электроннай чаргі. Гэта скарачае час чакання: людзей размяркоўваюць па аперацыйных вокнах у залежнасці ад віду паслуг і гэтым самым аптымізуюць працэс. Да таго ж працуе каля тысячы плацежна-даведачных тэрміналаў, з дапамогай якіх можна заплаціць за камунальныя паслугі, аформіць падпіску, прасачыць шлях пасылкі, папоўніць баланс на тэлефоне. У сталіцы таксама ўсталяваны 41 тэрмінал самаабслугоўвання SmartPOST для адпраўкі заказной пісьмовай карэспандэнцыі.

- Ці паспявае пошта ісці ў нагу з часам? Якія інавацыі ўкараняеце?

— Мы стараемся замацавацца на рынку электронных паслуг. Так, сёння на сайце прадпрыемства можна адсочваць як міжнародныя, так і ўнутраныя паштовыя адпраўленні, афармляць падпіску на друкаваныя выданні ў рэжыме анлайн.

Развіваем і новыя для пошты кірункі. У прадпрыемства ёсць свая інтэрнэт-крама. Там прадстаўлена дзевяць тысяч найменняў тавараў ад больш чым 230 айчынных вытворцаў. Так мы папулярызуем беларускую прадукцыю. У тым ліку і за мяжой: тавары з анлайн-крамы могуць заказваць жыхары Расіі. У найбліжэйшы час гэта стане даступна і для іншых краін СНД і далёкага замежжа.

Белпошта супрацоўнічае з многімі інтэрнэт-крамамі. Паколькі ў нас самая шырокая лагістычная сетка ў краіне, прадастаўляем кур'ерскія паслугі: выступаем пасярэднікам паміж прадаўцом і пакупніком.

- Якія навінкі чакаць у найбліжэйшым будучым?

— Мы і далей будзем ісці па шляху аўтаматызацыі. Мадэрнізуем партал Белпошты. Тэставая версія з'явіцца ўжо ў пачатку наступнага года. У першым квартале 2018-га плануем таксама запусціць мабільную праграму, з дапамогай якой кліент зможа атрымаць доступ да паштовых паслуг у любым месцы. Без гэтага сёння немагчыма развівацца буйному прадпрыемству ў нашай сферы.

- Белпошта часта ўдзельнічае ў міжнародных выстаўках і прымае замежныя дэлегацыі. Як нашага аператара ацэньваюць на сусветным узроўні?

— Мы займаем верхнія радкі розных рэйтынгаў у галіне сувязі. Беларуская пошта прызнана адной з найлепшых у свеце па ўзроўні развіцця электронных паслуг. Яна першая ў рэгіёне СНД атрымала сертыфікат S42 Сусветнага паштовага саюза, які пацвярджае міжнародны стандарт адрасавання.

Высокія ўзнагароды атрымліваюць айчынныя маркі. З нядаўняга: на Венскай міжнароднай філатэлістычнай выстаўцы WІPA паштовы блок «Пчалярства ў Беларусі» ўвайшоў у дзясятку найлепшых па выніках мінулага года. А на сусветнай выстаўцы ў Бандунгу (Інданезія), што праходзіла ў жніўні, кніга нашых марак атрымала сярэбраны медаль.

Мы супрацоўнічаем з калегамі з Расіі, Казахстана, Кітая, Азербайджана, Эстоніі і іншых краін. Міжнародныя пляцоўкі патрэбны для таго, каб абменьвацца вопытам і знаходзіць агульныя рашэнні, бо і праблемнае поле, і задачы, якія стаяць перад поштамі розных дзяржаў, у прынцыпе аднолькавыя — гэта эканамічнае развіццё, аказанне якасных і своечасовых паслуг і, вядома, выкананне сацыяльных задач.

- Сколкава аднесла паштальёна да ліку выміраючых прафесій. Па іх прагнозах, з-за працэсаў аўтаматызацыі, яна знікне ўжо ў 2020 годзе. Што скажаце на гэта?

— Не згодны. Так, паслугі можна аказваць дыстанцыйна. Але людзі, якія жывуць у аддаленых вёсках, на хутарах, чакаюць прыходу паштальёна. Не толькі, каб атрымаць пенсію і прэсу, але і каб пагутарыць. Для многіх гэта сувязь са знешнім светам. Прафесія паштальёна, верагодна, крыху зменіцца, але, безумоўна, застанецца. І будзе карыстацца попытам далёка за мяжой 2020 года, пра якую казалі спецыялісты Сколкава.

- Сучасны работнік пошты — гэта…

— Чалавек прафесійны, які добра валодае камп'ютарнымі тэхналогіямі. Да спецыялістаў прадпрыемства прад'яўляюцца высокія стандарты патрабаванняў. Важна, каб і надалей пошта заставалася запатрабаванай, блізкай, надзейнай.

Дарэчы

Сусветны дзень пошты адзначаецца 9 кастрычніка. Першапачаткова ён быў устаноўлены ў Токіа ў 1969 годзе як нагода для святкавання гадавіны стварэння ў 1874-м Сусветнага паштовага саюза. Сёння яго галоўная мэта — павысіць дасведчанасць аб ролі пошты ў паўсядзённым жыцці людзей, а таксама аб яе ўкладзе ў глабальнае сацыяльна-эканамічнае развіццё.

З нагоды свята ў асобных аддзяленнях сувязі 9 кастрычніка (панядзелак) прапануюць паўдзельнічаць у тэматычнай віктарыне. Супрацоўнікі падрыхтавалі кліентам пазнавальныя пытанні аб гісторыі прадпрыемства і паштовых паслугах. Удзельнікі, якія выдатна справяцца з заданнем, атрымаюць памятныя сувеніры. Таксама ў гэты дзень падарункі ўручаць кожнаму маленькаму наведвальніку паштамта. У Мінску, Брэсцкай і Магілёўскай абласцях віктарына пройдзе з 11.00 да 12.00, на Віцебшчыне — з 12.00 да 13.00, на Гомельшчыне — з 15.00 да 16.00, у аддзяленнях Гродзенскага філіяла — з 10.00 да 15.00, Мінскай вобласці — з 14.00 да 16.00. Больш падрабязную інфармацыю можна паглядзець на сайце прадпрыемства.

http://zviazda.by/


Все новости | Апрель 2022 | Май 2020 | Апрель 2020 | Март 2020 | Февраль 2020 | Январь 2020 | Декабрь 2019 | Ноябрь 2019 | Октябрь 2019 | Сентябрь 2019 | Август 2019 | Июль 2019 | Июнь 2019 | Май 2019 | Апрель 2019 | Март 2019 | Февраль 2019 | Январь 2019 | Декабрь 2018 | Ноябрь 2018 | Октябрь 2018 | Сентябрь 2018 | Август 2018 | Июль 2018 | Июнь 2018 | Май 2018 | Апрель 2018 | Март 2018 | Февраль 2018 | Январь 2018 | Декабрь 2017 | Ноябрь 2017 | Октябрь 2017 | Сентябрь 2017 | Август 2017 | Июль 2017 | Июнь 2017 | Май 2017 | Апрель 2017 | Март 2017 | Февраль 2017 | Январь 2017 | Декабрь 2016 | Ноябрь 2016 | Октябрь 2016 | Сентябрь 2016 | Август 2016 | Июль 2016 | Июнь 2016 | Май 2016 | Апрель 2016 | Март 2016 | Февраль 2016 | Январь 2016 | Декабрь 2015 | Ноябрь 2015 | Октябрь 2015 | Сентябрь 2015 | Август 2015 | Июль 2015 | Июнь 2015 | Май 2015 | Апрель 2015 | Март 2015 | Февраль 2015 | Январь 2015 | Декабрь 2014 | Ноябрь 2014 | Октябрь 2014 | Сентябрь 2014 | Август 2014 | Июль 2014 | Июнь 2014 | Май 2014 | Апрель 2014 | Март 2014 | Февраль 2014 | Январь 2014 | Декабрь 2013 | Ноябрь 2013 | Октябрь 2013 | Сентябрь 2013 | Август 2013 | Июль 2013 | Июнь 2013 | Май 2013 | Апрель 2013 | Март 2013 | Февраль 2013 | Январь 2013
Версия для печати