Версия для слабовидящих

О компании

Услуги
Тарифы
Справка

Вышэйшыя мацярынскія ўзнагароды, ордэны Маці, у Дзень сям’і ўручаны дзвюм лідчанкам

Ва ўрачыстай абстаноўцы ў раённым выканаўчым камітэце горaда Лiды Гродзенскай вобласцi Ірыне Шчэрбавай з вёскі Агароднікі Дубровенскага сельсавета і Вераніцы Шарапа з Ліды, якія нарадзілі і выхоўваюць па пяцёра дзяцей, уручылі ўзнагароды — ордэны Маці. Адпаведны ўказ аб узнагароджанні Прэзідэнт краіны падпісаў 20 красавіка.

Старшыня райвыканкама Міхаіл Карповіч, віншуючы матуль, падзякаваў ім за працу па выхаванні дзяцей. “У нашай краіне вельмі многа робіцца для падтрымкі шматдзетных сем’яў, але, вядома, асноўны клопат ляжыць на бацьках, і асабліва на маці”, — падкрэсліў Міхаіл Канстанцінавіч і пажадаў, каб іх дзеці раслі здаровымі, добра вучыліся, сталі годнымі людзьмі, грамадзянамі сваёй краіны і, самае галоўнае, каб збыліся ўсе іх мары.

Да віншаванняў далучыліся калегі Ірыны Анатольеўны Шчэрбавай, якая працуе начальнікам аддзялення паштовай сувязі ў Дуброўні, з Лідскага РВПС.

Пасля ўрачыстасці гераіні свята дзяліліся ўражаннямі і расказвалі аб сабе і сем’ях. “У сваёй сям’і мы хацелі не менш за траіх дзяцей, атрымалася пяць. Нараджалі ў першую чаргу для сябе, але вельмі прыемна, што дзяржава нас адзначае, — расказала Ірына Шчэрбава. — Спраўляемся агульнымі намаганнямі. Дапамагае бабуля, Кацярына Андрэеўна Шчэрбава. Карыстаючыся выпадкам, хочам выказаць ёй словы шчырай падзякі. Шматдзетнай сям’ёй быць не страшна і не цяжка. Цяпер мы аб дзецях клапоцімся, а ў будучым, спадзяёмся, яны будуць нашай апорай. Хочацца пажадаць сваёй сям’і і ўсім шматдзетным сем’ям здароўя, а астатняе — справа нажыўная”.