Паслугі
Тарыфы

Дзіцячая філатэлія. Птушаняты

 
3 студзеня 2018 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне чатыры паштовыя маркі з серыі «Птушаняты».
 
Маркі друкаваліся таксама ў малым лісце.
 
Мастак А.Міцянін.
Дызайн М.Віткоўскай.
 
Маркі друкаваліся ў РУП «Выдавецтва «Беларускі Дом друку».
 
Вялікі зуёк жыве пераважна па берагах рэк, мораў і азёр. Птушаняты хутка абсыхаюць, спрабуюць выбягаць з гнязда і ва ўзросце каля 24 дзён падымаюцца на крыло. Ежай служаць водныя і наземныя беспазваночныя: малюскі, дробныя ракападобныя, насякомыя і іх лічынкі. Від занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь з 1993 г.
 
Рачная крычка шырока пашырана па ўсім свеце. У перыяд гнездавання ўладкоўвае гняздо на пясчаных і скалістых выспах. Птушаняты сядзяць у гняздзе першыя 5 дзён, а потым пачынаюць усюды ісці за дарослымі птушкамі. На крыло становяцца на 25-28 дзень. У рацыён харчавання галоўным чынам уваходзіць рыба (каля 95%), а таксама чарвякі, маленькія кальмары, п'яўкі, крэветкі, марскія крабы, жукі, матылькі, іншыя насякомыя.
 
Арабок жыве ў густых хваёвых і мяшаных лясах. Гнёзды ўладкоўвае на зямлі. Птушаняты вельмі хутка адаптуюцца: праз некалькі гадзін выходзяць з гнязда, а праз 2 тыдні становяцца на крыло. Харчуецца птушка ягадамі, раслінамі і іх насеннем. З насякомых любіць мурашак. У зімовы перыяд асноўны рацыён складаюць пупышкі дрэў, есць таксама марожаную ягаду.
 
Чапля — гэта цэлы род птушак, у якім налічваецца 14 відаў. Жывуць птушкі на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Шэрыя чаплі гняздуюцца вялікімі калоніямі. Птушаняты пакрыты пухам, на крыло становяцца ва ўзросце 2 месяцаў. Рацыён харчавання складаецца з рыбы, ракаў, жаб, змей, яшчарак, дробных грызуноў, іншых птушак, іх яек, птушанят і насякомых.
 
У дзень выпуску паштовых марак у абарачэнне ў аддзяленні паштовай сувязі № 1 Мінска (магазін «Філатэлія», вул. Маскоўская, 16) будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень».
 
Да выпуску падрыхтаваны карткі для картмаксімумаў.
Мастак А.Міцянін.
Дызайн М.Віткоўскай.
 
З больш падрабязнай інфармацыяй можна азнаёміцца тут.