Беларуская Праваслаўная Царква. 1025-годдзе Полацкай епархіі
26 кастрычніка 2017 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовы блок «Беларуская Праваслаўная Царква. 1025-годдзе Полацкай епархіі».
Мастак Т.Дольская. Дызайн Я.Бядонік.
Блок друкаваўся ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А. Ц. Непагодзіна».
Полацкая епархія вядзе сваю гісторыю ад 992 г., калі тут была заснавана першая на Белай Русі епіскапская кафедра.
Летапіснае згадванне пра першы праваслаўны полацкі храм — Найсвяцейшай Багародзіцы — датуецца 1007 г. У сярэдзіне ХI ст. у Полацку быў збудаваны чацвёрты ў хрысціянскім свеце Сафійскі сабор. Адгэтуль пачала свой праведны шлях праўнучка князя Уладзіміра князёўна Прадслава — святая прападобная Еўфрасіння, ігумення Полацкая.
Полацкая епархія, якая перажыла і росквіт у XIV-XVI стст., і ўніяцтва ў канцы XVI ст., і аднаўленне епархіі з сярэдзіны ХIX ст., і спыненне свайго існавання да пачатку Другой сусветнай вайны, у год свайго 1000-годдзя (1992 г.) атрымала самастойнасць. Яе межы вызначыліся 10 адміністрацыйнымі раёнамі Віцебскай вобласці і гарадоў Полацка і Наваполацка.
Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Беларускай Праваслаўнай Царквой і Мінскай духоўнай акадэміяй імя свяціцеля Кірылы Тураўскага.
На канверце: Сафійскі сабор XI ст. у Полацку па рэканструкцыі Г.Штыхава.
Спецыяльнае памятнае гашэнне будзе праводзіцца ў аддзяленні паштовай сувязі № 15 Полацка Віцебскай вобл.
З больш падрабязнай інфармацыяй можна азнаёміцца
тут.