Геадэзічная дуга Струвэ
								 
14 верасня 2017 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовы блок «Геадэзічная дуга Струвэ». 
 
Марка друкавалася ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А. Ц.  Непагодзіна». 
Дызайн Я.Бядонік. 
 
Геадэзічная дуга Струвэ — унікальны помнік навукі і тэхнікі XIX ст., які ствараўся з мэтай вызначэння памеру і формы Зямлі і аб’ядноўвае 10 краін. 
Дуга складаецца з 265 геадэзічных пунктаў, якія былі закладзены ў перыяд з 1816 па 1855 гг., і носіць імя свайго заснавальніка — вядомага рускага астранома і геадэзіста таго часу — Васіля Струвэ. 
Непасрэдна палявымі даследаваннямі займаўся ваенны геадэзіст генерал Карл Тэнер. Пад яго кіраўніцтвам у геадэзічных работах удзельнічаў наш суайчыннік Іосіф Ходзька — вучоны, геадэзіст і тапограф, які праводзіў трыянгуляцыйныя работы на захадзе Латвіі, у Літве, Гродзенскай і Мінскай губернях. 
З 31 пункта, закладзенага на тэрыторыі Беларусі ў XIX ст., сучасныя беларускія геадэзісты знайшлі і ўзнавілі 19. 
У 2005 г. 34 пункты Геадэзічнай дугі Струвэ ўключаны ў Спіс аб’ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, 5 з іх размешчаны на тэрыторыі сучаснай Беларусі. 
 
Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Дзяржаўным камітэтам па маёмасці Рэспублікі Беларусь. 
 
У дзень выпуску паштовага блока ў абарачэнне ў аддзяленні паштовай сувязі № 3 Ашмян Гродзенскай вобласці будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень». 
 
З больш падрабязнай інфармацыяй можна азнаёміцца 
тут.