Цырымонія афіцыйнага гашэння канверта з арыгінальнай маркай «100 гадоў з дня нараджэння Пімена Панчанкі»
23 жніўня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася цырымонія афіцыйнага гашэння канверта з арыгінальнай маркай «100 гадоў з дня нараджэння Пімена Панчанкі», а таксама прэзентацыя канверта, прысвечанага 100-годдзю з дня нараджэння Янкі Брыля.
Мастацкай асновай канвертаў сталі партрэты Пімена Панчанкі і Янкі Брыля, выкананыя мастаком Мікалаем Рыжым; кнігі, рукапісы народнага паэта і народнага пісьменніка, пейзажныя замалёўкі паводле іх твораў.
У цырымоніі афіцыйнага гашэння прынялі ўдзел:
Намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях РУП «Белпошта» Таццяна Гвоздзева;
Дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Дзмітрый Яцкевіч.
Да юбілеяў паэта і пісьменніка адкрылася выстаўка «Пімен Панчанка. Кніга вандраванняў і любові
» і літаратурна-дакументальная часовая экспазіцыя «Янка Брыль. З людзьмі і сам-насам». Экспазіцыі дэманструюць матэрыялы з фондаў музея (фатаграфіі, рукапісы, лісты, кнігі) і прадметы з асабістых архіваў юбіляраў. Экспанаты даюць магчымасць прасачыць іх жыццёвы і творчы шлях.
Гасцямі свята сталі і прадстаўнікі футбольнага клуба «Дынама Мінск», заўзятарам якога быў Пімен Панчанка. Паэт амаль ніколі не прапускаў матчы футбольнага клуба, таму заўзятары «Дынама Мінск» разам з клубам падрыхтавалі падарунак — майку з надпісам «Панчанка 100».
На мерапрыемстве таксама прысутнічалі прадстаўнікі Пасольства Ісламскай Рэспублікі Іран і Пасольства Рэспублікі Польшча, пісьменнікі, сябры, родныя Пімена Панчанкі і Янкі Брыля, аматары творчасці беларускіх аўтараў і інш.
Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства паштовай сувязі «Белпошта» і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь на працягу многіх гадоў выпускам паштовай прадукцыі ўшаноўваюць памяць беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, публіцыстаў і фалькларыстаў, перакладчыкаў і крытыкаў.
Выпушчаны маркі:
да 85-годдзя з дня нараджэння Івана Шамякіна;
да 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага, Кандрата Крапівы, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка;
да 120-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы, Якуба Коласа;
да 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча;
да 175-годдзя з дня нараджэння Францішка Багушэвiча;
да 200-годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча;
марка, прысвечаная творчасці Івана Навуменкі.
Акрамя гэтага, выпушчаны мастацкія канверты і паштоўкі, прымеркаваныя да юбілеяў Уладзіміра Караткевіча, Язэпа Семяжона, Элізы Ажэшкі, Рыгора Барадуліна, Валянціна Таўлая, Сяргея Грахоўскага, Паўлюка Багрыма.