Яшчэ адна ўзнагарода на рахунку РУП «Белпошта»
15 лютага 2017 года першы намеснік Міністра сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Шэдко Дзмітрый Генадзьевіч урачыста ўручыў генеральнаму дырэктару РУП «Белпошта» Матусевічу Уладзіміру Уладзіміравічу міжнародны сертыфікат Сусветнага паштовага саюза.
Беларуская пошта дзеля пашырэння рэкламы беларускіх паштовых марак прымае ўдзел у міжнародных філатэлістычных конкурсах. У лістападзе 2016 года была распрацавана і адпраўлена экспазіцыя беларускіх паштовых марак для ўдзелу ў 14-м міжнародным конкурсным класе, які адбыўся ў г. Наньнін (КНР) з нагоды Азіяцкай міжнароднай філатэлістычнай выстаўкі «CHINA 2016» (02-06.12.2016 г.). У дадзеным міжнародным конкурсе маглі прымаць удзел толькі паштовыя арганізацыі краін — удзельніц СПС і тэрыторый, якія далучыліся да сістэмы нумарацыі WNS.
Беларуская экспазіцыя была прадстаўлена ў групе В (краіны, якія выпускаюць 30-69 паштовых марак на год). Экспазіцыя складалася з філатэлістычнай прадукцыі, выпушчанай на працягу трох гадоў да 1 студзеня 2016 г., г. зн. паштовая прадукцыя 2013, 2014 і 2015 г.
Аднымі з галоўных крытэрыяў ацэнкі экспазіцыі сталі:
- выкарыстанне поштай намінальнага кошту (нацыянальная і міжнародная карэспандэнцыя);
- арыгінальнасць і якасць прэзентацыі;
- тэхнічная якасць прадстаўленай філатэлістычнай прадукцыі (спосаб друку, форма, арыгінальнасць, творчы падыход і г.д.).
Ацэнку калекцый ажыццяўляла журы, якое складалася з членаў Міжнароднага бюро СПС і членаў, якія маюць спецыяльную кваліфікацыю.
Экспазіцыі РУП «Белпошта» ў групе В прысуджаны срэбны медаль. Дадзеная ўзнагарода з'яўляецца высокай ацэнкай якасці беларускай філатэлістычнай прадукцыі на міжнародным рынку і дэманструе прафесіяналізм у падрыхтоўцы паштовай экспазіцыі.