24 лютага 2017 года адбылася прэзентацыя паштовага праекта, прымеркаванага да 100-годдзя беларускай міліцыі.
Сімвалічна, што ўрачыстая цырымонія спецыяльнага гашэння прайшла ў будынку Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, выява якога стала мастацкай асновай адной з марак.
Паштовы праект, які складаецца з паштовага блока, канверта «Першы дзень» і спецыяльнага памятнага штэмпеля, падрыхтаваны ў цесным узаемадзеянні з Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь.
У цырымоніі афіцыйнага гашэння прынялі ўдзел:
Міністр сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Папкоў;
Міністр унутраных спраў Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант міліцыі Ігар Шуневіч.
Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь з 1992 года ўведзена ў абарачэнне больш за 1 180 паштовых марак. На іх адлюстраваны сучасныя рэаліі дзяржавы, багатая гісторыя і культура, выдатныя асобы, флора і фаўна.
На працягу многіх гадоў выпускаецца паштовая прадукцыя, прымеркаваная да юбілейных дат розных устаноў і арганізацый нашай рэспублікі.
Першым выпускам, прысвечаным дзяржаўнаму органу, стала марка «Дзень супрацоўніка органаў папярэдняга следства», затым былі выпушчаныя дзве мастацкія маркі, прымеркаваныя да 26-га пасяджэння Каардынацыйнага савета генеральных пракурораў дзяржаў — удзельніц СНД, і марка «25-годдзе стварэння мытнай службы Рэспублікі Беларусь».
Паштовы выпуск «100-годдзе беларускай міліцыі» падкрэсліць значнасць і запатрабаванасць органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, будзе ўнікальнай формай папулярызацыі іх дзейнасці і падарункам да векавога юбілею.
Спадзяемся, што дадзеная паштовая мініяцюра стане яркай старонкай у летапісе дзяржавы і паслужыць добрым падарункам айчынным і замежным калекцыянерам.