Паслугі
Тарыфы

РУП «Белпошта» - дыпламант нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі»

10 лютага 2017 года на XXIV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі».

За кнігу «Паштовыя маркі Рэспублікі Беларусь. 2015» РУП «Белпошта» ўручаны дыплом I ступені ў спецыяльнай намінацыі «У люстэрку часу» (кнігі, выдадзеныя на заказ).

 
 
Фото Белта

Кніга падрыхтавана выдавецкім цэнтрам «Марка». У ёй прадстаўлены 53 паштовыя маркі, у тым ліку 7 блокаў, і іх кароткае апісанне. Выданне зацікавіць не толькі філатэлістаў, але і ўсіх знатакоў мастацтва. Пры вырабе кнігі выкарыстаны сучасныя паслядрукаваныя тэхналогіі: на вокладцы — матавая ламінацыя (тыпу Soft-touch), цісненне фольгай залацістага колеру, аб'ёмнае выбарачнае лакіраванне УФ-лакам; старонкі кнігі аддрукаваны з дадатковымі фарбамі пад золата і срэбра. Дызайн Марыны Віткоўскай.

Вынікі нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» падвялі 56-ы раз. Свае заслужаныя ўзнагароды атрымалі пераможцы амаль двух дзясяткаў намінацый. Уладальнікам Гран-пры конкурсу стаў праект Нацыянальнай бібліятэкі «Кніжная спадчына Францыска Скарыны» (факсімільнае выданне ў 20 тамах).

Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь праводзіць дадзены конкурс з мэтай вызначэння лепшых выдавецкіх праектаў, якія сталі падзеяй у нацыянальным кнігавыданні, павышэння мастацкай і паліграфічнай культуры беларускай кнігі, далейшага развіцця кніжнага мастацтва, папулярызацыі лепшых дасягненняў выдавецтваў рэспублікі.