Сумесны выпуск Беларусі і Азербайджана. Рэдкія птушкі. Арлы
12 мая 2016 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовыя маркі «Арол-маркут» і «Стэпавы арол» з серыі «Сумесны выпуск Беларусі і Азербайджана».
Мастак А.Міцянін. Дызайн М.Віткоўскай.
Маркі друкаваліся ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А. Ц. Непагодзіна».
Арлы — драпежныя птушкі сямейства ястрабіных. Сусветная фаўна налічвае каля чатырох дзясяткаў іх відаў. Працягласць жыцця арлоў адна з самых высокіх у свеце птушак, буйныя арлы нярэдка дажываюць да 40-50 гадоў.
У пошуках здабычы яны гадзінамі лунаюць на велізарнай вышыні і ў патрэбны момант імкліва зніжаюцца, выцягваюць лапы наперад і хапаюць ахвяру, аглушаючы яе ўдарам дзюбы. Валодаючы празмернай сілай, яны нярэдка атакуюць жывёл намнога цяжэйшых за сябе: лісіц, ваўкоў, казуль, газеляў, антылоп.
Нягледзячы на сваю сілу, арлы застаюцца даволі ўразлівымі звёнамі экалагічнага ланцужка. Небяспечны для іх голад. Па меры таго, як узворваюцца новыя ўчасткі цаліны і знікаюць дзікія жывёлы, звыклых крыніц харчавання робіцца недастаткова. Да таго ж арлы часта гінуць на лініях электраперадачы.
Прадстаўленыя на марках птушкі — арол-маркут і стэпавы арол — занесены ў Чырвоныя кнігі шэрага краін, у тым ліку ў Чырвоную кнігу Беларусі (арол-маркут) і Чырвоную кнігу Азербайджана (арол-маркут, стэпавы арол).
У дзень выпуску паштовых марак у абарачэнне ў аддзяленні паштовай сувязі № 1 Мінска (магазін «Філатэлія», вул. Маскоўская, 16) будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень».
З больш падрабязнай інфармацыяй можна азнаёміцца
тут.