Версия для слабовидящих
Паслугі
Тарыфы

Правілы адрасавання

Ад правільнага напісання адраса залежыць хуткасць апрацоўкі і дастаўкі паштовых адпраўленняў. Прытрымлівацца правілаў напісання адраса і паштовага кода (індэкса) неабходна асабліва сёння, калі РУП “Белпошта” ўкараняе новыя аўтаматызаваныя тэхналогіі сартавання пошты.

Увага!

Паважаныя кліенты! Для вашай зручнасці распрацаваны праграмны модуль “Аўтаматызаванае нанясенне адрасных даных на канверт” (Спампаваць)

Правілы адрасавання паштовых адпраўленняў.

Адрасы адпраўшчыка і адрасата (атрымальніка) паштовых адпраўленняў, якія прымаюцца для перасылкі ў межах тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, павінны быць напісаны на рускай або беларускай мовах.

На міжнародных паштовых адпраўленнях адрас атрымальніка павінен быць напісаны на мове краіны прызначэння або на адной з міжнародных моў — французскай або англійскай. Адрас атрымальніка павінен быць дакладным і поўным і ўтрымліваць даныя, неабходныя для дастаўкі або ўручэння паштовага адпраўлення ў краіне прызначэння. Назва населенага пункта і краіны прызначэння пішацца вялікімі літарамі. Назва краіны прызначэння павінна абавязкова дубліравацца на беларускай або рускай мовах, напрыклад FRANCE (ФРАНЦЫЯ). Адрас адпраўшчыка можа быць напісаны на беларускай або рускай мовах. У гэтым выпадку неабходна дубліраваць толькі назву краіны адпраўшчыка вялікімі лацінскімі літарамі, напрыклад БЕЛАРУСЬ (BELARUS).

Адрас адрасата (атрымальніка) размяшчаецца на пярэднім баку паштовага адпраўлення ў ніжняй правай яго частцы, а адрас адпраўшчыка — у верхняй левай яго частцы. Адрас пішацца выразна і без выпраўленняў, у ім не павінна быць знакаў, якія не адносяцца да адраса, і скарочаных назваў. Тэкст адраса не павінен выходзіць за межы ліній падказу. На канвертах без ліній падказу тэкст пішацца або друкуецца з водступам ад ніжняга і правага краю канверта 1,5 см.

Усе адрасныя даныя пішуцца разборліва чарнілам чорнага або сіняга колеру або друкуюцца тыпаграфскім спосабам, або з выкарыстаннем іншай друкавальнай тэхнікі. Рэкамендуем Вам пісаць адрасныя даныя друкаванымі літарамі. Пераносы слоў па складах у адрасе не дапускаюцца.

Адрас на паштовым адпраўленні пішацца ў наступным парадку:

а) для юрыдычнай асобы — поўная або кароткая назва; для фізічных асоб — прозвішча, імя, імя па бацьку;

б) назва вуліцы, нумар дома, нумар корпуса, нумар кватэры (напрыклад: вул. Ясеніна, д. 10, корп. 2, кв. 4);

в) назва населенага пункта сельскага тыпу без паштовага аддзялення;

г) паштовы код (індэкс);

д) назва населенага пункта (гарадскога або сельскага тыпу), у якім знаходзіцца даставачнае аддзяленне, якое абслугоўвае адрасата;

е) назва раёна;

ж) назва вобласці;

з) назва краіны (для міжнародных паштовых адпраўленняў).

Пры адрасаванні паштовых адпраўленняў у гарады паштовы код (індэкс) пішацца перад назвай горада.

КАЛІ ЛАСКА, ПІШЫЦЕ АДРАС ПРАВІЛЬНА!